tulyaha (tulyaha) wrote in prahnoz_by,
tulyaha
tulyaha
prahnoz_by

Сонечны шторм абяцае бунты

Выглядае на тое, што чарговы пік сонечнае актыўнасці, што набліжаецца - падштурхне рэжым да падзення.
Як зацеміў у свой час Аляксандр Чыжэўскі, людзкія закалоты карэлююць з сонечнаю актыўнасцю, што мае адзінаццацігадовы цыкл.
Актыўнае Сонца, з плямамі — гэта рэвалюцыі ў Англіі (1648), Францыі (1789 і 1830), вясна народаў 1848 года, паўстанне ў Італіі (1860), Парыжская камуна (1870), рэвалюцыі ў Расіі (1905 і 1917). Гэта вялікія перасяленні народаў, ганенні на яўрэяў, Варфаламееўская разня, псіхічныя эпідэміі.
Падчас сонечных пікаў вылучаюцца духоўныя і палітычныя лідэры: Аларых (395), Атыла (441), Мухамед (622), Тамерлан (1367), Жанна Д’Арк (1429), Саванарола (1489), Ілжэдзмітрый (1605), Багдан Хмяльніцкі, Алівер Кромвель (1648), Вашынгтон (1777). ХХ стагоддзе пацвярджае высновы Чыжэўскага: пік 1957 году (1956 — Венгрыя), 1968 год (Пражская вясна), 1979 год (Іранская і Афганская рэвалюцыі — 1978), 1989 год — канец камунізму, 2001-ы — атака тэрарыстаў.

Photobucket

Беларусь ні ў якім разе не вынятак з гэтых правілаў:
1817–1823 — тайныя студэнцкія таварыствы ў Віленскім універсітэце (заснаванне супадае з сонечным максімумам за 1816–1817 гады).

1830–1831 — шляхецкае паўстанне ў Беларусі, Літве і Польшчы — гэта наступны сонечны пік 1830 года.

1836 — Франц Савіч стварае нелегальнае студэнцкае «Дэмакратычнае таварыства» (акурат на піку 1837 года).

1846–1849 — дзейнасць на Беларусі падпольнай арганізацыі «Саюз свабодных братоў» (чарговы пік 1848 года).

Сонечны максімум 1860 года суправаджаўся сялянскімі хваляваннямі ўлетку і стварэннем падпольных арганізацый, што рыхтавалі чарговае паўстанне. Само паўстанне 1863–1864 гадоў адбылося на спадзе сонечнай дзейнасці (што, магчыма, і паўплывала на ягоныя вынікі). Аднак праз 20 гадоў беларусы ад душы кампенсавалі маўчанне абяскроўленых 70-ых.

У 1881 годзе ў Пецярбургскім універсітэце ствараецца нелегальнае беларускае зямляцтва; у краі з’яўляецца паўночна-заходняя арганізацыя «Народная воля». Ігнат Грынявіцкі забівае цара Аляксандра ІІ. У 1884 годзе выдаецца нелегальны часопіс «Гоман», з’яўляюцца першыя рабочыя гурткі. У Вільні друкуецца «Праграма рабочых», у 12 валасцях Бабруйскага, Слуцкага і Ігуменскага паветаў адбываюцца хваляванні сялян. Гэта ўсё адбывалася на сонечным піку 1880-х гадоў.

Наступны сонечны выбух суправаджаўся страйкамі: 1894 год — забастоўка рабочых Гомельскіх чыгуначных майстэрняў. 1895 год — страйк мінскіх чыгуначнікаў. Усё — па максімуме 1893 года, калі ўзровень сонечнай актыўнасці быў яшчэ даволі высокім.

Сонечныя пікі былі і ў 1905 і 1917 гадах.

Найвышэйшы ўздым Беларускай сялянска-работніцкай грамады ды Таварыства Беларускай школы ў Заходняй Беларусі прыпадае на 1926–1927 гады. Гэта сонечны пад’ём 1928 года, але актыўнічаюць і карнікі. У Косаве расстрэльваюць працоўных. Над забароненай Грамадой вядуцца суды. Ва Усходняе Беларусі ўздымаецца хваля сталінскіх рэпрэсій супраць «нацыянал-дэмакратызму» і пачынаецца тэрор калектывізацыі.
Зрэшты, пад сонечным максімумам 1937 года лютуе таталітарны рэжым.

1946–1947 гады — у Наваградку ствараецца Саюз вызвалення Беларусі, у Глыбоцкай і Пастаўскай вучэльнях — Саюз беларускіх патрыётаў. (Натуральна — усё на піку сонечнай дзейнасці.) У заходніх раёнах Беларусі ў 1946–1949 гадах дзейнічае падпольны «Саюз змагання за незалежнасць Беларусі».

У 1956 годзе за антысавецкую агітацыю асуджаецца малады журналіст Фёдар Кардаш. У Гомелі ў 1956–1957 гадах дзейнічае падпольная арганізацыя «Партыя свабоды рускага народа». Адпаведны сонечны максімум — 1957 год.

На пад’ёме сонечнай актыўнасці мастак Яўген Кулік арганізуе асветніцкую супольнасць «На Паддашку» (1966 год). Калі сонечныя плямы растуць — выбухае «другое слуцкае паўстанне». Шматтысячны натоўп патрабуе для камуніста, які забіў чалавека, смяротнага пакарання. Адбываецца крывавая сутычка з сіламі аховы. Памяшканне суда спалена, 70 чалавек асуджана.

Чэхаславацкія падзеі выклікаюць у Беларусі розгалас (і рэпрэсіі). Студэнты БДУ патрабуюць перавесці выкладанне на беларускую мову. У 1969 годзе (доўгі сонечны максімум) — 20 тысяч выбаршчыкаў галасуюць супраць кандыдатаў у мясцовыя саветы (гэта ў камуністычныя часы!). І пад завязку — пакуль сонца яшчэ гарачае — адбываецца бойка мінскіх хіпі з міліцыяй (з боку хіпі — да 400 чалавек).
Нарэшце, 1979 год. Арганізуецца Беларуская спеўна-драматычная майстроўня. Няцяжка здагадацца — на сонечным піку. Наступны пік - 1989.


Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады, калі сонца рэзка сцішылася — і людзі знясілелі. У гэтым кіраўнік Беларусі падобны на Брэжнева, які скінуў Хрушчова падчас сонечнага мінімуму 1964 года.

Зрэшты, рэферэндум 1996 года — гэта самы мінімум у сонечным цыкле. Аляксандр Чыжэўскі быццам пра Беларусь пісаў: «Перыяд мінімальнай узбуджальнасці спрыяе капітуляцыі, акупацыі, максімальнаму скарачэнню парламентарызму, узмацненню адзінаўладдзя».

Затое наступныя фазы для «адзінаўладцаў» несуцяшальныя. Падчас «росту ўзбуджальнасці» палітыкі і прэса аднаўляюць свой уплыў. Пытанні палітычныя ставяцца і абвастраюцца.

На этапе «максімальнай узбуджальнасці» (і сонечнай актыўнасці) «дастаткова невялікай нагоды, каб масы загарэліся». Чыжэўскі перакананы, што «стыхійны гвалт, жорсткасць, азлабленне, эпілептычнае шаленства, прага помсты, эпідэмія забойстваў, панік, пагромаў, спусташальных набегаў» супадаюць з часам найвышэйшай сонечнай актыўнасці.

Спадзяюся, што Беларусь засцеражэцца ад эксцэсаў, тым болей, што плады трэцяй фазы — «максімальнае развіццё парламентарызму», «дэмакратычныя і сацыяльныя рэформы», «абмежаванне адзінаўладдзя». Але нават чацвёртая фаза — «падзення ўзбуджальнасці» для дыктатуры неспрыяльная. Памаранчавыя рэвалюцыі адбыліся на сыходзе сонечнай актыўнасці.

Рэжым праскочыў пік 2000 года, адкупіўшыся ад яго чужымі ахвярамі. Патэнцыйныя канкурэнты былі знішчаныя эскадронамі смерці. Яшчэ адно крывавае «дасягненне» — Няміга.

Адначасова мітынгі 2000-х збіралі нечуваныя на сёння натоўпы. А дзяржаўную прапаганду доўга калаціла ад дэманстрантаў з камянямі (наступствы сонечнай актыўнасці 1999 года). Але новыя лідэры на той час былі яшчэ кволымі.

Выглядае, што цяпер — інакш. Нават халодны 2006 год, калі сонца ледзьве ліпела, спарадзіў Плошчу. А 2008-ы — самая сонечная зіма (і страчаны час для ідэальнага наменклатурнага перавароту) — суправаджаўся нестандартнымі для сезону фразамі пра лібералізацыю. Толькі грамадскія праблемы засталіся неразвязанымі — і назапашваюцца, як ладная бочка пораху.

Тым часам колькасць сонечных плямаў пачала павышацца.

У 2010 годзе іх будзе яшчэ ня шмат — і гэта дазволіць рэжыму па інерцыі праскочыць «выбары». Затое пасля выбараў — цяжкі 2012 год. Чаканы сонечны максімум (які можа ссунуцца на 2011–2014 гады).

Выбухі на Сонцы абяцаюць стацца мацнейшымі, лідэраў у натоўпаў можа не быць, увогуле («без прэзідэнта!», «парламенцкая рэспубліка!»).
Сувязь паміж сонечнай актыўнасцю - і грамадскай беларускай актыўнасцю даволі яўная. З усіх датаў, што я запар выпісваў з падручнікааў ("Нарысы па гісторыі Беларусі", 2 частка; кніга Захара Шыбекі), толькі 3-4 зафіксаваныя датаў (страйкі, нізавая грамадзкая актыўнасць) - прыпалі на сонечныя мінімумы. Усё астатняе - пікі.
Верагоднасць нізавых бунтаў, што змятуць усё - вялікая.
Артыкул: "Сонца ўдарыць па рэжыму

Графік лічбаў Вольфа зроблены паводле Бельгійскай абсэрваторыі

Праца Чыжэўскага: "Физические факторы исторического процесса" 1924 году
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Comments allowed for members only

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 0 comments